24 ліпеня 1911г - 23 жніўня 1978г
Мінская вобласць, Капыльскі раён, Пясочнае
Дзіцячы пісьменнік, Пісьменнік, Паэт, Сатырык
Руск. Астрейко Анатоль
Беларускі паэт, паэт-песеннік.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме (1930), вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1932—1934). З 1930 працаваў у газетах Полацка, Оршы, Горак, Мінска. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1939. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Двойчы (1942, 1943) накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. У 1946—1948 — старшыня Гродзенскага аддзялення СП БССР, у 1948—1953 — адказны сакратар часопіса «Вожык».
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Вершы пачаў друкаваць у 1928. Першы зборнік вершаў «Слава жыццю» выдадзены ў 1940. Рукапіс другога зборніка — «Квецень» згарэў у час вайны ў Мінску. У 1943 друкарня слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец» выпусціла зборнік «Слуцкі пояс». У пасляваенныя гады выйшлі кнігі паэзіі «Крамлёўскія зоры» (1945), «Добры дзень» (1948), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Бацька мой Нёман» (1961), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Зямная Случчына» (1977), «Ураджай цяпла» (1978), «Памяць дарог» (1980), а таксама вершаваная казка «Елка» (1949) і паэма для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда» (1956). Выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах (1970, 1981).
Перакладаў творы пісьменнікаў народаў СССР на беларускую мову.
Творам Астрэйкі ўласцівыя сардэчнасць і адкрытасць, цесная сувязь з фальклорам, напеўнасць. Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».