12 лістапада 1920г - 16 лістапада 1982г
Гомельская вобласць, Рагачоўскі раён, Борхаў
Драматург, Пісьменнік, Сцэнарыст
Руск. Макаёнок Андрей Егорович
Беларускі драматург.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Журавіцкую сярэднюю школу (1938), працаваў масавіком у раённым Доме культуры. У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Крымскім фронце. Пасля цяжкага ранення (1942) дэмабілізаваны. Працаваў у Акаурцкай сярэдняй школе Грузіі (1942—1943), сакратаром Журавіцкага райкама камсамола (1944, цяпер у складзе Рагачоўскага раёна), Гродзенскага гаркама камсамола (1945), загадчыкам партыйнага кабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945—1946), памочнікам сакратара Журавіцкага райкама партыі (1946—1947). У 1949 скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1949—1953 — загадчык аддзела прозы часопіса «Вожык», у 1966—1978 — галоўны рэдактар часопіса «Нёман». Як член дэлегацыі БССР у 1965 удзельнічаў у рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат ВС БССР (1971—1982). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1949).
Друкаваўся з 1946. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 на сцэне Беларускага тэатра імя Я. Купалы пастаўлена яго палітычная драма «На досвітку» пра пасляваенную Францыю. У сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (паст. 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва савецкай гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (паст. 1959) і «Лявоніха на арбіце» (паст. 1961) прысвечаны жыццю пасляваеннай вёскі.
Сацыяльна-палітычнай накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (паст. 1971) і «Трыбунал» (паст. 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўленчай манеры аўтара. Сатырычная камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю мастацкай тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым мастацкай канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый народнай драмы, Андрэй Макаёнак спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў беларускай драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм А. Макаёнак прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (паст. 1973), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (паст. пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сацыяльна-палітычных узаемаадносін, гуманістычным пафасам.
У канцы 1970 — пач. 1980-х г. на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (нап. 1966, апубл. 1980, паст. ў 1981) і камедыя «Верачка»(аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, паст. ў 1979), якія адкрылі новыя грані драматургічнага таленту А. Макаёнка. У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурнцтва, аўтар адмовіўся ад традыцыйнай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі». Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах.
Апошні закончаны твор А. Макаёнка — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апубл. 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы.
Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973).
Пераклаў п’есы «Дабракі» Л. Зорына, «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, «Чацвёрты» К. Сіманава і інш.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1977). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».
Імя А. Макаёнка носіць вуліца ў Мінску, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая СШ Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей драматурга.
У Мінску на доме № 10 па Вайсковым завулку ў 1986 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка (сілумін; скульпт. В. Занковіч).