27 кастрычніка 1955г - 16 мая 2021г
Віцебская вобласць, Аршанскі раён, Бранцава
Руск. Анищенко Евгений Константинович
Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1989).
Даследаваў гісторыю падзелаў Рэчы Паспалітай і іншыя тэмы па гісторыі Беларусі XVIII—XIX стст. З’яўляецца аўтарам 27 кніг і больш за 400 навуковых артыкулаў. Адзін з арганізатараў ГА «Асацыяцыя свабодных беларускіх гісторыкаў».
Пасля шасці класаў васьмігадовай школы у вёсцы Бранцава скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (клас жывапісу разам з вядомымі мастакамі Аляксандрам Ісачовым і Андрэем Смаляком), затым — на выдатна гістарычны факультэт БДУ.
Пасля двухгадовай службы камандзірам узвода ва Узброеных Сілах СССР, працаваў у Мінску настаўнікам у СШ № 43, 73 і 116 (1981—1983), выкладчыкам у Мінскім інстытуце культуры.
З 1986 года — у Інстытуце гісторыі АН БССР (з 1991 года — НАН Беларусі): аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік. У 1989 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Земельные отношения в Восточной Белоруссии в кон. XVIII — нач. XIX вв.».
У 2004 года абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай», якая, аднак, не была зацверджана ВАК РБ.
19 лютага 2007 года атэстацыйная камісія Інстытута гісторыі прызнала, што Анішчанка не адпавядае пасадзе старшэйшага навуковага супрацоўніка, якую ён займаў: яму было ўказана на адсутнасць рэцэнзій на публікацыі калег і слабую прэзентацыю вынікаў сваіх даследаванняў на навуковых канферэнцыях. На наступны дзень вучоны падаў заяву аб звальненні з Інстытута, таму што па выніках атэстацыі яму не было прапанавана ні выправіць недахопы ў працы, ні перавесціся на іншую пасаду. На думку Анішчанкі, сапраўднай прычынай такога рашэння атэстацыйнай камісіяй у адносінах да яго з’яўляліся тэматыка і вынікі яго даследаванняў, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, адкрытая крытыка з яго боку палітыкі кіраўніцтва Інстытута, накіраванай на ліквідацыю рэшткаў акадэмічных свабод, а таксама яго актыўная грамадзянская і прафесійная пазіцыя.
Пасля звальнення Яўген Анішчанка пэўны час працаваў дворнікам (сцвярджаў, што праз грамадскі рэзананс, звязаны з яго звальненнем, яго не бралі нават настаўнікам у школу). Паміж 2007—2009 гг. быў галоўным архівістам і вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у 2010—2013 гг. працаваў выкладчыкам у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. Станам на 2014 г. працаваў выкладчыкам гісторыі медыцыны на пасадзе дацэнта кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Памёр 16 мая 2021 года ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі.