24 сакавіка 1963г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Аніматар, Графік, Жывапісец, Мастак
Руск. Аракчеева Оксана Борисовна
Беларуская мастачка, педагог. Член Беларускага саюза мастакоў. Лаўрэат прэміі Васіля Віткі, дыпламант ЮНЭСКА, куратар чэшскай GalerieKaras.
Бацькі — мастак Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў і Галіна Ягораўна (працавала загадчыцай касцюмернага цэхаў Оперным тэатры).
У 1982 г. скончыла Мінскае мастацкае вучылішча, у 1988 г. — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (аддзяленне станкавай графікі).
Вучылася ў такіх мастакоў, як Віктар Варламаў, Леанід Каленік, Генадзь Грак, Віктар Мікіта, Людміла Кальмаева, Уладзімір Савіч. Пасля завяршэння аддзялення графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута працавала ў розных выдавецтвах, стварала ілюстрацыі да кніг.
Прымае ўдзел у выстаўках з 1986 г. Працуе ў станковой і кніжнай графіцы, жывапісу, анімацыі.
Асноўныя творы: цыкл «Казкі лета», дыптых «Мой Мінск», «Гаспадыня Зіма», «Паненка Восень», трыпціх «Сланечнікі», палотны з цыклу «Нам засталася спадчына», цыкл «Мінскія вокны».
Аформіла больш за 50 кніг, сярод якіх: «Сярэбраная табакерка» З. Бядулі, «Басни» І. Крылова, «Резвушка — хохотушка…» І. Заслонавай, «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Л. Рублеўскай, «Брык і Шуся» Т. Сівец, «Звяры ў трамваі» Н. Галіноўскай, казкі А. Карлюкевіча, «Мяне завуць Лахнеска» Алены Масла, «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка!», «Чароўны кошык» і «Сад з матылькамі» Тамары Бунта, «Закаханы трэцякласнік» Уладзіміра Ліпскага, «Байкі і казкі бабкі Параскі» Таццяны Атрошчанкі і інш. Супрацоўнічае з выдавецтвамі «Пачатковая школа», «АЗБУКВАРИК», «Мастацкая літаратура», «Вышэйшая школа», з часопісамі «Вясёлка)», «Рюкзачок» і інш., працуе ў станковой графіцы.
З 2009 г. працуе над стварэннем партрэтаў асоб, якія ўнеслі значны ўнёсак у духоўнае жыццё Беларусі. Да пачатку 2011 г. Аксана Аракчэева намалявала і напісала на палатне больш сотні партрэтаў. Галерэя выяў, створаных пэндзлем мастака, гэта людзі якія ўнеслі ўклад у духоўнае развіццё грамадства: дырэктары, супрацоўнікі музеяў і галерэй, святары, мастакі, лекары, музыкі, дыпламаты і інш.
З 2010 г. сумесна з чэшскім пасольствам у Рэспубліцы Беларусь правяла 46 выставак у сталічных музеях, бібліятэках, у гомельскім Палацы Румянцавых і Паскевічаў, Полацкай мастацкай галерэі, чэшскім парламенце.
У 2013 годзе зрабіла серую партрэтаў вядучых салістаў беларускага балета. Карціны экспанаваліся ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Гэта партрэты народных артыстаў Беларусі Вольгі Гайко, Людмілы Кудраўцавай і Ігара Артамонава, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Ірыны Яромкінай і Антона Краўчанка, уладальнікаў медалю Францыска Скарыны Дзяніса Клімука і Марыны Вежнавец. За ўшанаванне тэатральных дзеячоў сродкамі выяўленчана мастацтва ў 2015 годзе атрымала дыплом ЮНЭСКА.
У 2015 годзе стварыла галерэю вобразаў «Купалінкі» — партрэты кіраўніц Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, сярод якіх: Уладзіслава Луцэвіч (жонка Янкі Купалы), Ядзвіга Раманоўская, Жанна Дапкюнас, Алена Ляшковіч; а таксама партрэты супрацоўніц музея. Серыя знаходзіцца ў фондах музея. Падчас адкрыцця выстаўкі «Купалінкі» мастачцы Аксане Аракчэевай быў уручаны дыплом сябра музея «За папулярызацыю спадчыны Першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і падтрымку дзейнасці музея».
Выкладала малюнак, жывапіс, кампазіцыю ў мінскай мастацкай школе № 185.
Яе працы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Фондзе СМ РБ, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Літаратурным музеі М. Багдановіча, мастацкіх галерэях гарадоў Полацак, Гомель, Светлагорск, Крупкі, Баранавічы, а таксама ў галерэях і прыватных калекцыях замежных краін (Расія, Украіна, ЗША, Канада, Венесуэла, Ізраіль, Італія, Галандыя, Германія, Сербія, Чэхія, Славакія, Польшча і інш.). Таксама займаецца арганізацыяй выставак карцін свайго бацькі, мастака Барыса Аракчэева.
З 1994 г. — член Беларускага саюза мастакоў.