RU BE

Галіна Вольга Уладзіміраўна

Галіна Вольга Уладзіміраўна - беларускі акцёр

23 сакавіка 1899г - 4 снежня 1980г

Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, Жалудок

Акцёр

Руск. Галина Ольга Владимировна

Беларуская актрыса. Народная артыстка БССР (1946).

Біяграфія

Нарадзілася ў сям’і настаўніка. У 1906 годзе сям’я Грудзінскіх пераехала ў Вільню. У 1909 годзе Вольга паспяхова вытрымала ўступныя экзамены і стала вучаніцай жаночай гімназіі, дзе пачалося яе першае сапраўднае знаёмства з культурай і мастацтвам. Раз на тыдзень гімназісты звычайна хадзілі ў тэатр на ранішнія спектаклі. Тут Грудзінскія пражылі да 1914 годзе.

З пачаткам Першай сусветнай вайны сям’я эвакуіравалася ў Тулу, дзе Вольга паступіла ў мясцовую гімназію і скончыла яе з залатым медалём. Цяжкія ўмовы, голад вымусілі сям’ю Грудзінскіх пераехаць ва Украіну. 18-гадовая Вольга засталася ў Туле, каб хоць так аблегчыць жыццё бацькоў. Апынуўшыся адна, дзяўчынка падала заяву ў тэатральную студыю і паспяхова вытрымала экзамены.

Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1919 годзе на Украіне. У 1921 годзе ў трупе палітаддзела 45-й савецкай стралковай дывізіі.

У 1923—1962 актрыса ў БДТ-1 (Мінск), пачынала працаваць пад кіраўніцтвам Е. Міровіча. У 1948—1963 выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1946 года.

Творчасць

Сярод найбольш значных роляў Марыя Аляксандраўна («Сям’я» І. Папова), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А. Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М. Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А. Чэхава). Сярод іншых роляў: Ганка («Машэка» Е. Міровіча), Яворская («Мост» Я. Рамановіча), Паляжаева («Неспакойная старасць» Л. Рахманава), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэга), сіньёра Капулеці («Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра), Барабошава («Праўда добра, а шчасце лепей» А. Астроўскага), Карэніна («Жывы труп» Л. Талстога), Багаеўская («Варвары» М. Горкага, Дзяржаўны рускі тэатр БССР).

Выступала ў перыядычным друку з успамінамі пра дзеячаў беларускага тэатра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-разважаннямі пра сутнасць акцёрскага майстэрства.

Узнагароды

У 1946 годзе ўдастоена звання Народнай артысткі БССР. Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» (1940) і двойчы ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1948, 1955).

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(