17 верасня 1922г - 15 снежня 1994г
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, Сіняўская Слабада
Руск. Колесник Владимир Андреевич
Беларускі літаратуразнавец і крытык. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1979). Кандыдат філалагічных навук, прафесар (1983).
Нарадзіўся 17 верасня 1922 года ў в. Сіняўская Слабада Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер — Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць).
Скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1949), аспірантуру пры гэтым інстытуце. З 1952 года — загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута (1952—54), затым у Брэсцкім педагагічным інстытуце з 1956 года — загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры . Узначальваў Брэсцкае літаратурнае аб’яднанне. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1960), быў сакратаром яго аддзялення ў Брэсце.
Памёр 15 снежня 1994 года ў Брэсце.
Літаратурную дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993). Складальнік зборнікаў паэзіі Заходняй Беларусі «Сцяг і паходні», «Ростані волі». Даследаваў заходнебеларукую літаратуру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у беларускай літаратуры 1920-х гадоў. Аўтар дакументальна-мастацкіх твораў пра В. Таўлая («Аловесць пра Таўлая», 1964—65), заходнебеларускага рэвалюцыянера і публіцыста А. Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі…» (1975, з А. Адамовічам і Я. Брылём). Працы Уладзіміра Калесніка вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літаратурных дзеячаў. Аўтар шматлікіх вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для студэнтаў педінстытутаў і ўніверсітэтаў.