25 студзеня 1955г
Гродзенская вобласць, Дзятлаўскі раён, Кузьмічы
Архітэктар, Мастацтвазнавец, Гісторык, Этнолаг
Руск. Локотко Александр Иванович
Беларускі архітэктар, этнолаг, мастацтвазнавец, гісторык.
Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Доктар гістарычных навук (1993), доктар архітэктуры (2001), прафесар (2003). Акадэмік НАН Беларусі (2014, мастацтвазнаўства; чл.-кар. з 2004).
Бацька працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры, выдатна маляваў.
Скончыў у 1977 годзе архітэктурны факультэт БНТУ. У 1977—1978 гадах — архітэктар эксперыментальнай майстэрні № 2 інстытута «БелНДІдзіпрасельбуд», у 1978–82 гадах — загадчык аддзела Рабочай групы па стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. З 1982 па 1989 год працаваў у Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце, старэйшы архітэктар, начальнік архітэктурна-рэстаўрацыйнага аддзела навукова-даследчага праектнага бюро, начальнік архітэктурна-канструктарскай майстэрні, галоўны архітэктар праектаў архітэктурна-канструктарскай майстэрні. У 1989—1995 гадах намеснік дырэктара па навуцы Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.
У 1985 годзе скончыў завочна аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўца, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Быў намеснікам дырэктара Беларускага музея народнага дойлідства і побыту. З 1995 года — у ІМЭФ НАНБ: загадчык аддзела дойлідства, з 1997 года — намеснік дырэктара па навуковай рабоце, з 2004 года — дырэктар (з 2012 — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі). У цяперашні час — дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Распрацаваў новы комплексны метадалагічны падыход, які грунтуецца на спалучэнні гістарычна-параўнальнага, архітэктуразнаўчых і мастацтвазнаўчых метадаў і дазваляе выявіць этнічныя рысы і рэгіянальныя асаблівасці беларускай архітэктуры. Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў. Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, якая ўлічвае не толькі канструктыўныя асаблівасці, але і сацыяльна-эканамічныя і культурна-гістарычныя фактары, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля, выявіў прычыны рэгіянальных адрозненняў беларускага сакральнага дойлідства, да якіх адносяцца адчуванне маштабу і суразмернасці ў асяроддзі (нізіннае і ўзгорыстае), традыцыйнае разуменне суадносін гармоніі і памераў, светапоглядныя ўяўленні аб прыгажосці той ці іншай формы, кампазіцыі (яруснай, восевай). У сваіх працах яскрава паказаў, што беларускае дойлідства з’яўляецца адной з выразных культурных адзнак беларускага этнасу. Пад яго кіраўніцтвам і з непасрэдным асабістым удзелам праведзена шмат экспедыцый, абследаваны сотні сельскіх паселішчаў, дваццаць восем гарадоў, узята на ўлік некалькі тысяч помнікаў беларускага дойлідства.
Атрыманыя вынікі навуковых даследаванняў А. I. Лакоткі маюць важнае тэарэтычнае і практычнае значэнне. Яны адкрываюць новыя гарызонты для пошуку сучасных форм мастацка-стылёвай выразнасці планіроўкі і забудовы паселішчаў, для дэталёвага вывучэння рэгіянальнай і лакальнай спецыфікі беларускага дойлідства, ддя рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў Беларусі.
Пад кіраўніцтвам А. І. Лакоткі распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праект сектара «Цэнтральная Беларусь» гэтага музея, праекты многіх сядзіб, арганізаваны перавозка, размяшчэнне і рэстаўрацыя грамадскіх, культавых, жылых і гаспадарчых пабудоў. Ён з’яўляецца ініцыятарам стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
Падрыхтаваў 4 дактароў і 5 кандыдатаў навук.
Актыўна прапагандуе вынікі навуковых даследаванняў, рэгулярна публікуе артыкулы ў газетах. Аўтар і вядучы серыі тэлеперадач «Беларускі мерыдыян», прымае актыўны ўдзел у серыі радыёперадач «Культура», напісаў сцэнарый фільма «Неруш», створанага кінастудыяй «Беларусьфільм».
Плённую навуковую і асветніцкую дзейнасць спалучае з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Уваходзіць у склад Савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, з’яўляецца членам Прэзідыума Беларускага рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, членам Саюза архітэктараў Беларусі, членам Еўрапейскага Савета па культуры; віцэ-прэзідэнтам камісіі па архітэктуры і дызайну Міжнароднай арганізацыі па народнай творчасці ЮНЕСКА. Уваходзіць у склад Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
Лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2008), лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000, 2011), стыпендыят Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002). Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2007), юбілейным медалём «У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (2009). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Прэзідыума НАН Беларусі (2005), Міністэрства інфармацыі (2005), Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2011), Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь (2011), Міністэрства спорту і турызму (2013), Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей (2013). Абвешчана падзяка Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта (2008).
Удастоены ганаровага звання «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» (2021).
Аўтар 24 кніг і манаграфій, больш як 250 навуковых артыкулаў. Сярод якіх найбольш значнымі з’яўляюцца: