23 сакавіка 1948г
Віцебская вобласць, Чашніцкі раён, Ліпавічы
Руск. Пашков Геннадий Петрович
Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.
Нарадзіўся ў вёсцы Ліпавічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачых Пятра Трафімавіча і Марыі Харытонаўны Пашковых. У 1953 годзе разам з бацькамі пераехаў у Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці.
Пасля сканчэння Войстамскай сярэдняй школы ў 1966 годзе паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1971—1972 гадах працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. З 1972 года ў часопісе «Полымя» — загадчык рэдакцыі, затым адказны сакратар, з 1979 года — намеснік галоўнага рэдактара. З 1989 года быў таксама кансультантам гуманітарнага аддзела ў апараце ЦК КПБ, працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Тэатральная Беларусь», рэдагаваў «Цэнтральную газету». З лютага 1996 года да 2008 года — дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. З 2008 года да 2016 года — першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1977 года. З 1996 года — член-карэспандэнт Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры.
У друку выступае з 1967 года. Выдаў зборнік паэзіі «Кляновік» (1975), «Дыстанцыя небяспекі» (1979), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Крокі» (1988), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990), «Журавінавы востраў» (1998), «Тваім святлом благаславёны» (2006). Выйшаў зборнік паэзіі для дзяцей «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1991), «Зорнае поле» (1999), кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), «Палескія вандроўнікі» (1998). З’яўляецца адным з аўтараў дакументальнага фільма «Я зямлю люблю так…».