1 сакавіка 1902г - 24 лютага 1977г
Гомельская вобласць, Буда-Кашалёўскі раён, Івольск
Руск. Молчанов Павел Степанович
Беларускі акцёр і рэжысёр, Народны артыст СССР (1948), Народны артыст БССР, лаўрэат Сталінскай прэміі (1946).
П. С. Малчанаў нарадзіўся ў вёсцы Івольск Гомельскага павета (цяпер у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці).
У 1926 годзе скончыў драматычную студыю ў Маскве. Працаваў у 1926—1951 гг. у драматычным тэатры імя Я. Коласа (БДТ-2) у Віцебску (у 1944-49 яго мастацкі кіраўнік), у 1930—1935 гг. на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Таксама працаваў у Беларускім ТРАМе.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў тэатры ва Ульянаўску (1941—1942). У 1944 годзе ўзначальваў франтавую тэатральную брыгаду.
З 1952 года П. С. Малчанаў у Беларускім тэатры імя Я. Купалы ў Мінску.
П. С. Малчанаў быў акцёрам шырокага дыяпазону. Яго творчасць адметна чалавечнасцю, прастатой і моцным тэмпераментам. Ён стварыў шэраг вобразаў простых людзей, трагічных і драматычных герояў і народных характараў.
Як рэжысёр паставіў «Арыстакраты» М. Пагодзіна (у Беларускім ТРАМе, 1938, разам з Г. Ферманам), «Вечар беларускіх вадэвіляў» паводле твораў «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Янкі Купалы (у тэатры імя Якуба Коласа, 1936), у тэатры імя Янкі Купалы «Патрабуецца лгун» Дз. Пратасава (1965) і «Адкуль грэх?» А. Петрашкевіча (1969), у тэатры юнага гледача «Хлапчыш-Кібальчыш» паводле твора А. Гайдара, «Дама-невідзімка» П. Кальдэрона і іншыя.
У 1934 годзе сумесна з І. Бахарам зняў фільм «Палескія рабінзоны». Аўтар успамінаў «Тэатр — маё жыццё» (1984).