RU BE

Пысін Аляксей Васілевіч

Пысін Аляксей Васілевіч - беларускі дзіцячы пісьменнік, пісьменнік, паэт

22 сакавіка 1920г - 27 жніўня 1981г

Магілёўская вобласць, Краснапольскі раён, Высокі Борак

Дзіцячы пісьменнік, Пісьменнік, Паэт

Руск. Пысин Алексей Васильевич

Беларускі паэт, перакладчык, журналіст. Заслужаны работнік культуры БССР (1980).

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1938 годзе паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя Кірава ў Мінску. З другога курса быў накіраваны на працу ў рэдакцыю Бельскай раённай газеты на Беласточчыну. У 1941—1945 гадах у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. З 1946 года працаваў у раённым друку, у абласной газеце «Магілёўская праўда». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве (1958). У 1974—1981 гадах — сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення СП БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1950 года.

Пахаваны на Польскіх могілках ў Магілёве. У 1982 годзе па магіле пастаўлена стэла з барэльефнай выявай паэта.

Творчасць

Першы верш апублікаваў у 1938 годзе (газета «Чырвоная змена»). У зборніках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зборніку «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг».

Драматызм ваеннага часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў становіцца найважнейшай адзнакаю эстэтычнай вартасці яго паэзіі. Высокая мастацкая культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць А. Пысіна эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе гуманістычную скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства.

Для дзяцей выдаў зборнікі вершаў «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), паэму «Дзяўчынка Марыям» (1970), кнігі вершаў і паэм «Колькі сонцаў!» (1979), «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984).

Напісаў кнігу пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972). Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (з С. Гаўрусёвым, 1975), зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977).

Узнагароды і прэміі

  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні». Узнагароджаны медалямі.

Ушанаванне памяці

  • Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна прысвоена яго імя, там жа створаны музей Аляксея Пысіна.
  • У Магілёве яго імем названа вуліца, а ў 1984 годзе на доме, дзе ён жыў (праспект Міру, 35а) устаноўлена мемарыяльная дошка.
  • Магілёўская абласная бібліятэка праводзіць Пысінскія чытанні, на якіх вывучаецца яго жыццё і творчасць.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(