RU BE

Сідор Сяргей Іванавіч

Сідор Сяргей Іванавіч - беларускі географ, навуковец

25 мая 1937г - 17 ліпеня 1998г

Гродзенская вобласць, Зэльвенскі раён, Янаўшчына

Географ, Навуковец

Руск. Сидор Сергей Иванович

Беларускі географ, кандыдат гістарычных навук (1971), доктар педагагічных навук (1991), прафесар (1992).

Біяграфія

Скончыў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча ў 1959 годзе, геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1964 годзе. З 1971 года ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. З 1974 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, адначасова з 1995 года намеснік рэдактара часопіса «Геаграфія: Праблемы выкладання».

Навуковая дзейнасць

Навуковыя працы па эканамічнай геаграфіі Беларусі, методыцы выкладання геаграфіі. Адзін з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі ў школах незалежнай Беларусі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Стваральнік беларускага навуковага геаграфічнага тэзаўруса і тэрміналогіі. Актыўна адстойваў права сацыяльна-эканамічнай геаграфіі на існаванне, імкнуўся рабіць савецкую, а потым і беларускую, сацыяльна-эканамічную геаграфію канструктыўнай, лічыў мэтазгодным вывучэнне СЭГ і ў эканамічных ВНУ, выступаў супраць падмены СЭГ іншымі курсамі, па сутнасці тоеснымі ёй. Стваральнік першага ў незалежнай Беларусі паўнавартаснага падручніка па геаграфіі Беларусі, дзе ўсебакова ахарактарызавана краіна, забяспечыў адзінства геаграфіі ў рамках школьнага курсу. Карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод выкладчыкаў, студэнтаў, настаўнікаў і вучняў за сумленнасць, сціпласць і прастату, працавітасць і высокае пачуццё абавязку, за імкненне ўдасканальваць і паляпшаць.

Працягваў справу, распачатую А. А. Смолічам у працы «Географія Беларусі» (1923), апісаў Беларусь у геаграфічным ракурсе («Геаграфія Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», 1993; «Займальная геаграфія Беларусі», 1995, у сааўтарстве; «Геаграфія Беларусі ў пытаннях і адказах», 1998, у сааўтарстве).

Творы

  • Социально-экономическая география СССР: наука и учебная дисциплина. — Мн.: Университетское, 1989.
  • Тэорыя сацыяльна-эканамічай геаграфіі: Курс лекцый. — Мн.: БДУ, 2001 (у сааўтарстве).
  • Геаграфічныя паняцці і тэрміны. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1993.
  • Геаграфiя Беларусi: падручнік для 9 класа сярэдняй школы / Сяргей іванавіч Сiдор . — [б. м.] Народная асвета, 1995 .
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(