6 лютага 1928г - 7 чэрвеня 2013г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Руск. Стельмашонок Владимир Иванович
Беларускі мастак, педагог. Народны мастак БССР (1988), Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1981).
Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе (1957). У 1957—2000 выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Старшыня праўлення Саюза мастакоў Беларусі (1965—1968, 1987—1989).
Працаваў у галіне станковага жывапісу, манументальнага мастацтва, графікі, дэкаратыўна-афарміцельскага мастацтва. Партрэты жанр найбольш прыцягваў мастака. Аўтар партрэтаў Якуба Коласа, Рыгора Шырмы, Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсціслаўца, Ефрасінні Полацкай і інш. Зрабіў больш за дваццаць партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў, у тым ліку: «Творцы: Гётэ і Антоній Радзівіл», «Мацей Радзівіл», «Сафія Слуцкая (Сафія Юр’еўна Радзівіл)». У 1990-я гады пісаў карціны, прысвечаныя князям ВКЛ. Уражанні ад паездак выяўлены на карцінах «Стамбул. Порт», «Літва», «Літва. Ля кляштара», «Раніца ў Бухарэсце», «Лондан. Парламент» і інш. — гэта малюнкі, акварэлі, накіды, напісаныя за адзін сеанс. Асобныя карціны прысвечаны жонцы, сям’і і ўласным успамінам пра дзяцінства і прыемныя моманты жыцця («Успаміны», «Яўкінскія калядкі»). Работа «Вольга Мініч з вогненнай вёскі» стала галоўнай ілюстрацыяй да кнігі «Я з вогненнай вёскі». Незвычайна пабудаваная кампазіцыя карціны «Зона», прысвечанай Чарнобыльскай трагедыі: на фоне карты радыяцыйнага становішча чалавек, які, паводле слоў мастака, прайшоў вайну і перажыў жах катастрофы «мірнага атама».
Уладзімір Стальмашонак у Патсдаме для рэстарана «Мінск» зрабіў 16 вітражоў. У Мінску ім створаны вітраж для станцыі метро «Плошча Перамогі», мазаікі на станцыі «Маскоўская». 24 партрэты ганаровых грамадзян Беларусі пэндзля У. Стальмашонка знаходзяцца ў зале прыёмаў і пасяджэнняў Мінскай ратушы.
Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1989—1991 гадах.