23 красавіка 1905г - 18 лютага 1979г
Мінская вобласць, Слуцкі раён, Слуцк
Літаратуразнавец, Паэт, Рэжысёр
Руск. Юрка Гаврук
Беларускі перакладчык, паэт, літаратурны крытык.
Нарадзіўся ў сям’і служачага. З 1915 года сям’я Ю. Гаўрука ў бежанстве ў Пскове. Скончыў слуцкую школу 2-ой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве ў 1925 годзе. З 1924 года запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Восенню 1925 года абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931). У 1931—1935 гадах дацэнт кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Арыштаваны 8 лютага 1935 года ў Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 года асобай нарадай пры НКУС за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўлення волі; высланы з Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958 года. Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 гадах працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п’есы з сусветнай класікі.
Асабовая справа Ю. Гаўрука № 15523 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласці.
Працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Дэбютаваў перакладам у 1925 (верш Г. Гейнэ «Ткачы»). Свае творы друкаваў у часопісах «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і іншых.
У 1926 годзе выйшла першая кніга Ю Гаўрука «Вясковыя рыскі». У кнігу ўвайшлі байкі, жарты, песні, расказы сялян, апісанні «няпышнага» вяселля і «вальцаў» у вясковым «магазыне», якія Гаўрук запісваў на Случчыне «каб даведацца годаў і нягодаў гэтага жыцьця, і як гэта ўсё адбіваецца ў сялянскай песьні».
Аўтар першага на Беларусі зборніка паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928).
У 1969 годзе выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя», у 1975 годзе — зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах». У 1990 годзе быў выдадзены паэтычны зборнік «Узвіхраны ветразь» (вершы, паэма, пераклады).
Пераклаў п’есы У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926), «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла» (1954), «Канец — справе вянец» (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра» (1982). У яго перакладзе ставіліся п’есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г. Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» Н. Хікмета (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В. Гюго (1962), «Мяцеліца» Л. Лявонава (1965), «Дзядзька Ваня» А. Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Улада цемры» Л. Талстога (1969), «Залатая карэта» Л. Лявонава (1971), «Багна» А. Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (1972), «Ноч памылак» О. Голдсміта, «Выбух» І. Дварэцкага.
Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько, асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А. Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э. Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К. С. Прычард «Дачка ўрагану» (1977). Пераклаў таксама творы Ж.-Б. Мальера, Я. Шварца («Снежная каралева»), вершы П. Варанько (1976), Б. Алейніка (1977), апавяданне «За што?» Л. Талстога і балада «Парука, Шылер» Ф. Шылера (1978), навелы А. Маруа і апавяданні Р. Інанішвілі, Г. Гогічайшвілі (пераклаў з грузінскай мовы разам з Т. Цулукідзэ, 1979).
На рускую мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К. Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака.
Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986).