23 сакавіка 1896г - 20 верасня 1974г
Гомельская вобласць, Петрыкаўскі раён, Петрыкаў
Графік, Пейзажыст, Партрэтыст, Мастак
Руск. Лейтман Лев Меерович
Беларускі графік і педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1967). Удзельнік Другой сусветнай вайны.
Нарадзіўся ў Петрыкаве Мінскай губерні (цяпер горад у Гомельскай вобласці) у сям’і служачага, хутка разам з бацькамі пераехаў у Гарадок Віцебскай губерні, дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскай школе-майстэрні Юдаля Пэна (1913—1914, 1923—1926), таксама займаўся ў Адэсе ў мастацкай школе прафесара Юлія Бершадскага (1916—1917). У 1917 годзе вярнуўся ў Гарадок. З 1917 па 1923 год працаваў там выкладчыкам малявання ў сярэдняй школе, дэкаратарам пры Народным доме імя У. І. Леніна, кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва. У 1923 годзе пераехаў у Віцебск, дзе пачаў працаваць загадчыкам клуба «Чырвоны будаўнік». Адначасова працягваў навучанне ў майстэрні Юдаля Пэна (1923—1926). У 1931—1941 гадах выкладаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы. З 1934 года загадваў навучальнай часткай, а з лютага 1941 года быў прызначаны яго дырэктарам. Скончыў курсы павышэння кваліфікацыі мастакоў пры Ленінградскім інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў прафесара Сямёна Абугава (1937). Сябра Саюза мастакоў БССР з 1940 года.
У часе Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў савецкай арміі (1941—1945) у дарожна-будаўнічым батальёне. Пасля вайны Леў Лейтман прыехаў у Мінск, браў актыўны ўдзел у арганізацыі Мінскага мастацкага вучылішча. З 1947 па 1958 год спалучаў творчую працу з працай выкладчыка і загадчыка вучэбнай часткі ў гэтым вучылішчы.
Працаваў у станковай графіцы пераважна ў тэхніцы акварэлі і гуашы. Сярод работ мастака пейзажы, партрэты, нацюрморты, тэматычныя карціны на індустрыяльную тэму, віды Віцебска («Дажджлівы дзень. Дзвіна», 1934), Мінска і інш. Выканаў ілюстрацыі да кнігі: Я. Купала. На нашым полі. Мн., Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1953.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў, Віцебскім мастацкім музеі.
Удзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1929 года. У 1941 годзе прымаў удзел у сумеснай выстаўцы твораў з А. Бразерам. Персанальныя выстаўкі мастака былі праведзены ў г. Мінску у 1956 і 1966 гадах.
З 12 жніўня па 6 верасня 2021 года ў Нацыянальным мастацкмі музеі Рэспублікі Беларусь працавала персанальная выстаўка графічных і акварэльных твораў Льва Лейтмана, прымеркаваная да 125 гадоў з дня нараджэння мастака.