8 лютага 1929г - 17 студзеня 2021г
Мінская вобласць, Уздзенскі раён, Магільна
Гісторык, Публіцыст, Навуковец
Руск. Лыч Леонид Михайлович
Беларускі гісторык, публіцыст. Доктар гістарычных навук (1989), прафесар (1993).
Нарадзіўся сялянскай сям’і на Уздзеншчыне. Скончыў гістарычны факультэт Башкірскага педагагічнага інстытута ва Уфе (1957), працаваў настаўнікам (1958-1961). З 1962 года ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР, прайшоў шлях ад старшага лабаранта да галоўнага навуковага супрацоўніка (2016), доктара гістарычных навук, прафесара. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992—1996).
Даследваў пытанні сацыяльна-класавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў XIX—XX ст., міжнацыянальныя адносіны ў краіне ў XX стагоддзі.
Шмат пісаў пра важнасць беларускай мовы, абароны нацыянальнай культуры і незалежнасці. Ён быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», а таксама нязменным сябрам Рады гэтага аб’яднання.
Адзін з аўтараў кніг: «Гісторыя Мінска» (1967), «Гісторыя Беларускай ССР» (т.5, 1975), «Гісторыя рабочага класа БССР» (т.4, 1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (т.2, 1995), «Гісторыя культуры Беларусі» (1996); аўтар манаграфій, сярод якіх «Беларуская нацыя і мова» (1994), «Назвы зямлі беларускай» (1994) і інш.
У кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты» (2010) раскрываюцца фармаванне канцэпцыі беларускай нацыянальнай ідэі і шляхі пераўвасаблення яе ў практыку. З усяго комплексу звязаных з гэтым пытанняў найбольш падрабязна разгледжаны нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва і асветніцка-моўны фактар. Храналагічна кніга заканчваецца 30-мі гадамі ХХ ст.
Даследаваў праблему культурнага жыцця на тэрыторыі, што знаходзілася пад юрысдыкцыяй акупацыйных уладаў у кнізе «Нацыянальна культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 ― ліпень 1944 г.)», якая выйшла ў 2011 годзе.
Кніга «Краязнаўства ў кантэксце сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі» (2013) прысвечана раскрыццю становішча краязнаўчага руху ў Рэспубліцы Беларусь, паказаны яго дасягненні ў даследаванні розных праблем, звязаных з гісторыяй, нацыянальна-культурным жыццём. Аўтар шмат увагі надаў моўнаму і тапанімічнаму аспектам краязнаўчых даследаванняў.
У кнізе «Беларусы на мяжы нацыянальнай катастрофы» (2015) раскрываюцца прычыны неверагодных цяжкасцяў этнакультурнага жыцця беларускага народа ў выніку правядзення супярэчнай яго інтарэсам дзяржаўнай моўнай палітыкі ўладамі Рэчы Паспалітай, царскай Расіі, СССР — БССР і Рэспублікі Беларусь. На аснове аналізу фактычнага матэрыялу паказана, што праблема захавання беларусамі сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці істотна абвастрылася пасля правядзенага па ініцыятыве палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь у 1995 г. рэферэндуму, згодна з якім насуперак сусветнай практыцы краін з адным тытульным народам статус другой дзяржаўнай мовы надалі ў Беларусі і рускай мове. Аўтар паказвае, што пры падтрымцы дзяржаўнага чыноўніцкага апарату руская мова трывала ўсталявалася ва ўсіх сферах афіцыйнага жыцця, зрабіўшы лішняй, непатрэбнай для яго беларускую мову.