17 верасня 1907г - 25 снежня 1980г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Руск. Дергай Сергей Степанович
Беларускі паэт і перакладчык.
Нарадзіўся ў сям'і чыгуначніка. Скончыў 1-ю Мінскую чыгуначную сямігадовую школу (1924), затым 3-гадовыя агульнаадукацыйныя курсы (1927). Не вучыўся далей праз благі стан здароўя. Шмат займаўся самаадукацыяй. У сярэдзіне 1930-х працаваў карэктарам у друкарні газеты «Звязда». Арыштаваны 15.3.1935 у Мінску па адрасе: Міхайлаўскі зав., д. 14, кв. 2. Асуджаны 21.6.1935 за «антысавецкую агітацыю» да 3 гадоў ППК і аднаго года пазбаўлення правоў. Пасля вызвалення ў 1937 жыў на вёсцы. У 1938 у газеце «Літаратура і мастацтва» апублікаваны першы верш С. Дзяргая. Зноў арыштаваны ў 1939; высланы ў Казахстан. Пасля вызвалення з 1941 жыў у Новабеліцы пад Гомелем. Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыў у Гомелі, падтрымліваў сувязь з партызанамі, уваходзіў у падпольную антыфашысцкую групу. З 1946 жыў у Мінску. Член СП БССР (з 1950). З 1951 працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопісу «Полымя». Працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Полымя» (1951—1953), адказным сакратаром, рэдактарам аддзела літаратуры часопіса «Вожык» (1953—1967). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1950). Пахаваны на Паўночных могілках Мінска. Рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі 27.3.1992. Асабовая справа Сяргея Дзяргая № 34633-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Дэбютаваў вершам у 1938. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вачыма будучыні» (вершы і паэмы, 1953), «Крэмень аб крэмень» (вершы і паэмы, 1958), «Цешча» (гумарыстычныя вершы, 1959), «Чатыры стыхіі» (вершы і паэмы, 1962, дапоўненае выданне ў 1988), «Свята ў будзень» (1964), «Салата з дзядоўніку» (гумарыстычныя вершы, 1967), «Выбранае» (1967), «Вершы» (1974), «На вогненнай сцяжыне: Выбранае» (вершы і паэмы, 1977). Асноўныя тэмы паэзіі — любоў да роднай зямлі, гераічны подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Для творчасці паэта характэрныя філасофская засяроджанасць на складаных праблемах часу, асацыятыўнасць мастацкага мыслення, фальклорна-песенная стыхія вобразнасці, высокі ўзровень культуры верша.
Пераклаў на беларускую мову паэмы «Гражына» А. Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю. Славацкага, «Дванаццаць» А. Блока, «На ўвесь голас» У. Маякоўскага, «Сінія гусары» М. Асеева, «Сын» П. Антакольскага, «1905 год» Б. Пастарнака, паасобныя творы М. Канапніцкай, У. Бранеўскага, Ю. Тувіма, І. Бехера, Г. Зегерс, М. Лермантава, С. Шчыпачова, Л. Украінкі, Л. Гіры і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік вершаў і паэм «Чатыры стыхіі».